Ацаніць усе наступствы рэзкага зніжэння цэн на нафту і дэвальвацыі расійскага рубля пакуль яшчэ нельга, заявіў прэм`ер-міністр Сяргей Румас, каментуючы 9 сакавіка журналістам сітуацыю з цэнамі на нафту і ўплыў гэтых працэсаў на Беларусь.
«Будзем глядзець, як будзе развівацца сітуацыя, — цытуе Румаса прэс-служба ўрада. — Расіяне выпусцілі заяву, што Мінфін будзе прадаваць валюту. Гэта такое неардынарнае рашэнне. І першыя некалькі дзён гэтага тыдня пакажуць, як будзе развівацца сітуацыя з расійскім рублём. Адпаведна, і наш Нацыянальны банк зыходзячы з гэтага будзе выбудоўваць сваю стратэгію». «У любым выпадку Нацыянальны банк будзе прытрымлівацца рынкавых тэндэнцый і не будзе штучна стрымліваць беларускі рубель», — падкрэсліў Румас. На пытанне, ці будуць задзейнічаныя нейкія рэзервы, ён адказаў: «Калі Нацыянальны банк будзе арыентавацца на рынкавую кан`юнктуру попыту і прапановы, то гэта не будзе прыводзіць да залішняга расходавання золатавалютных рэзерваў. У гэтым заключаецца яго стратэгія». У той жа час кіраўнік урада адзначыў, што падзенне цэн на нафту ў свеце дае дадатковыя магчымасці дамовіцца з Расійскай Федэрацыяй, заявіў. «Гэта сёння дадатковыя магчымасці дамовіцца з Расійскай Федэрацыяй. Таму што сітуацыя, якая ёсць сёння, значна адрозніваецца ад сітуацыі ў снежні або студзені», — сказаў ён. Сітуацыя аднолькава ўплывае і на перамовы з альтэрнатыўнымі пастаўшчыкамі нафты, дадаў Румас. Курс долара ЗША ў Беларусі 9 сакавіка устанавіў новы гістарычны максімум. Паводле вынікаў таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы курс вырас на 0,1122 рубля, ці адразу на 5%, і дасягнуў 2,3518 рубля за долар. Курс еўра таксама устанавіў абсалютны максімум, павялічыўшыся на 0,1572 рубля, або на 6,24%, да 2,6750 рубля. Курс расійскага рубля знізіўся на 0,1587 рубля (4,78%) і склаў 3,1628 беларускага рубля за 100 расійскіх. У курсаўтварэнні Нацбанк Беларусі выкарыстоўвае механізм прывязкі курсу рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расійскага рубля складае 50%, долара ЗША і еўра — 30 і 20%. Расійская валюта імкліва таннее з-за адсутнасці дамоўленасці аб аб`ёмах здабычы нафты паміж двума найбуйнейшымі яе пастаўшчыкамі на сусветным рынку — Расіяй і Саудаўскай Аравіяй.