Белорусская информационная компания
Адрес страницы: https://belapan.by/archive/2009/03/15/by_media_koronacia_v1/
Дата распечатки: 17.11.2018 05:25
15.03.2009 16:10 Відэа

Музычны крытык Максім Жбанкоў: Гэта нармальна, што "Рок-каранацыя" зрабілася беларускім, а не мінскім фэстам

Перад 13-й цырымоніяй узнагароджання лепшых беларускіх музыкантаў "Рок-каранацыя", якая прайшла 14 сакавіка ў Маладзечне, БелаПАН пагутарыў з удзельнікамі і гасцямі фестывалю.

Так, на думку лідэра калектыву "Нейра Дзюбель" Аляксандра Кулінковіча і лідэра гурту IQ48 Аляксандра Ракаўца, галоўнай кароны адназначна дастойны гурт "Ляпіс Трубяцкой". А вось музычныя крытыкі Дзмітрый Падбярэзскі і Максім Жбанкоў лепшым калектывам айчыннай рок-музыкі лічаць этна-трыо "Троіца".

"На мой погляд, "Троіца" — гэта самая крэатыўная, таленавітая, яскравая і творчая беларуская суполка, — зазначыў М.Жбанкоў. — "Ляпісы", прабачце, абсалютна прадказальныя, абсалютна стабільныя і статычныя. Я вельмі добра стаўлюся да Сяргея Міхалка і кажу без абразы, што "Ляпіс Трубяцкой" — гэта нармальны камерцыйны праект".

Суразмоўцы БелаПАН выказалі станоўчае стаўленне да пераносу фестывалю з Мінска ў іншыя гарады.

"Мінск і адна і тая ж сцэна штогод надакучылі. Другі горад — гэта здорава", — сказаў А.Кулінковіч.

Д.Падбярэзскі лічыць, што перанос "Рок-каранацыі" ў Маладзечна адыграе толькі станоўчую ролю: "Па сутнасці, калі "Рок-каранацыі" папярэдніх гадоў адбываліся ў Мінску, на іх прыходзіла адна і тая ж публіка. А вось у Маладзечне, нягледзячы на тое, што і зала вялікая, усе білеты разышліся цягам тыдня. "Рок-каранацыю" варта трошкі рухаць у рэгіёны".

Які горад прыме наступную "Каранацыю", крытык не змог сказаць: "Усё будзе залежаць ад прадзюсера. Яму выбіраць. Я б правёў наступную "Каранацыю" ў Гродне. Гэта вялікі культурны цэнтр, у які на цырымонію могуць прыехаць музыкі і з Літвы, і з Польшчы".

М.Жбанкоў таксама назваў Гродна ў якасці наступнай магчымай "сталіцы" фестывалю і дадаў: "Кажуць, што Мінск — гэта асобная краіна, дзе нейкае асобае спецыфічнае стаўленне да музыкаў. Таму я думаю, гэта нармальна, што "Каранацыя" зрабілася тым, чым яна і вартая быць — беларускім, а не мінскім фэстам. Дзе б ні праходзіла цырымонія, галоўнае, каб былі таленавітыя музыкі і добрая музыка, а гэтым, дзякуй Богу, мы не абдзеленыя".

Абодва крытыкі станоўча паставіліся да таго, што з наступнага года "Рок-каранацыя" страціць прыстаўку "рок":

"Я заўсёды стаяў за тое, каб у "Каранацыі" вызначаліся і лепшыя выканаўцы ў галіне папулярнай песні", — зазначыў Д.Падбярэзскі.

"Я думаю, што "Каранацыя" без "рок" мусіць быць больш шырокай, менш абмежаванай у сваіх падыходах. Адзінае, мне б не хацелася, каб новая "Каранацыя" захапіла ад старой тое, у чым яе часцяком абвінавачваюць. Кажуць, што гэта нейкая кланавая прэмія. Калі новая "Каранацыя" будзе больш празрыстай, больш адэкватнай, больш эфектыўнай у падзеле ўзнагарод, гэта будзе толькі да лепшага", — падкрэсліў М.Жбанкоў.
БелаПАН.

Авторизация

Логин:
Пароль:

Архив

  • день
  • месяц
  • год

Сюжеты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Все права защищены.
Вся информация, размещенная на данном сайте, предназначена только для персонального использования и не подлежит дальнейшему воспроизведению и/или распространению в какой-либо форме, иначе как с письменного разрешения БелаПАН. Минск