Белорусская информационная компания
Адрес страницы: https://belapan.by/archive/2012/10/03/eu_eu_578712_578721/
Дата распечатки: 10.12.2018 14:49
03.10.2012 12:53 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Стэфан Эрыксан лічыць, што адной з прычын непрацягу яму акрэдытацыі ў Беларусі стала яго актыўная пазіцыя

Мінск, 3 кастрычніка. Былы пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан лічыць, што адной з прычын непрацягу яму акрэдытацыі ў Беларусі стала яго актыўная пазіцыя. Пра гэта дыпламат заявіў 2 кастрычніка, выступаючы на стакгольмскім форуме "Народ і абарона".
"За сем гадоў працы ў Беларусі мне ўдалося дабіцца пэўнай пазіцыі і выклікаць пэўнае раздражненне сваімі кантактамі з людзьмі, якіх улады вельмі хацелі б маргіналізаваць. Гэтыя кантакты я лічыў прыярытэтнымі", — цытуе Эрыксана Шведскае радыё.

Акрамя таго, падкрэсліў ён, афіцыйны Мінск раздражняла і тое, што Швецыя праводзіла дакладную палітычную лінію адносна дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі як на ўзроўні двухбаковых адносінаў, так і на ўзроўні Еўрасаюза. Швецыя таксама з`яўляецца адной з тых краін, якая найбольш актыўна аказвае падтрымку Беларусі не толькі ў галіне экалогіі, развіцця мясцовага самакіравання, але і ў сферы абароны правоў чалавека і свабоднага слова.

Пры гэтым Эрыксан не лічыць, што інцыдэнт са шведскім самалётам і плюшавымі мядзведзямі адыграў галоўную ролю ва ўзнікненні дыпламатычнага крызісу паміж Беларуссю і Швецыяй. "Імідж Швецыі лепш ад гэтага не стаў, канешне, але сам нарыў незадавальнення беларускіх уладаў выспяваў доўга і, нарэшце, прарваўся, — сказаў Эрыксан. — Станоўчы момант здарэння заключаецца ў тым, што да Беларусі прыцягнулі ўвагу".

Гаворачы пра сітуацыю ў Беларусі, Эрыксан падкрэсліў, што вялікай праблемай па-ранейшаму застаецца наяўнасць палітзняволеных у краіне, а таксама татальны кантроль над беларусамі з боку ўладаў.

Што да стану культуры ў Беларусі, Эрыксан спыніўся на становішчы беларускай мовы ў краіне. Ён сказаў, што некаторыя лічылі, што ён занадта шмат увагі надаваў вывучэнню беларускай мовы. Дыпламат таксама адзначыў, што пісьменнікі і паэты, якія пішуць на беларускай мове, адчуваюць вялікія цяжкасці з публікацыяй сваіх твораў.

Гаворачы пра беларускую апазіцыю, Эрыксан падкрэсліў, што ў Беларусі не існуе апазіцыі ў сапраўдным сэнсе гэтага слова. "Апазіцыя не можа існаваць і займацца палітычнай дзейнасцю ва ўмовах такога аўтарытарнага рэжыму, як у Беларусі. Такія палітыкі павінны называцца дысідэнтамі, якімі яны і з`яўляюцца на самай справе", — сказаў дыпламат.

Эрыксан таксама адзначыў, што некарэктна было б гаварыць аб тым, што шведскае пасольства ў Мінску "закрыта цалкам і поўнасцю". "Мы вядзем з нашымі беларускімі партнёрамі перамовы аб нашых дыпламатычных адносінах, але як гэта будзе развівацца, гаварыць пакуль яшчэ рана", — сказаў ён.

Адказваючы на пытанне ўдзельнікаў семінара пра свой цяперашні статус, Эрыксан сказаў, што ён некалькі ў іншай якасці працягвае працаваць у Стакгольме з беларускімі пытаннямі, у тым ліку з пытаннямі дэмакратызацыі.

Пракаментаваў ён і эканамічныя адносіны паміж Швецыяй і Беларуссю. "Адно з абвінавачанняў, прад`яўленых мне ў жніўні гэтага года, заключалася ў тым, што я перашкаджаў развіццю гандлёвых сувязяў Швецыі і Беларусі, я перашкаджаў выхаду ІКЕА на беларускі рынак і гэтак далей. Усё гэта не трэба, напэўна, прымаць усур`ёз. Аб`ёмы экспарту склалі ў 2011 годзе 1,2 мільярда крон, імпарту — больш чым 1,1 мільярда. Растуць гэтыя аб`ёмы павольна, але пастаянна", — сказаў Эрыксан.

Адказваючы на пытанне аб тым, што ён лічыць самым вялікім сваім дасягненнем за сем гадоў працы ў Беларусі, Эрыксан сказаў: "Нават калі адбыўся, як нам гэта назваць, дыпламатычны крызіс, калі разглядаць гэта ў кароткатэрміновай перспектыве, то ў доўгатэрміновай перспектыве я працаваў на справу развіцця добрых адносінаў паміж нашымі краінамі. Рэакцыя рэжыму — гэта адно, але мне здаецца, удалося данесці да большай часткі насельніцтва, за што выступае Швецыя, чаго Швецыя хоча, жаданне супрацоўніцтва, якое з часам усё роўна апынецца на пярэднім плане".

Беларуска-шведскі канфлікт разгарэўся пасля таго, як 1 жніўня ўлады Беларусі паведамілі Швецыі аб непрацягу акрэдытацыі паслу Стэфану Эрыксану. Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці. У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм.

8 жніўня МЗС Беларусі аб`явіла пра адкліканне ўсіх супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Стакгольме і рэкамендаваў шведскаму боку да 30 жніўня адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Мінска.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Авторизация

Логин:
Пароль:

Архив

  • день
  • месяц
  • год

Сюжеты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Все права защищены.
Вся информация, размещенная на данном сайте, предназначена только для персонального использования и не подлежит дальнейшему воспроизведению и/или распространению в какой-либо форме, иначе как с письменного разрешения БелаПАН. Минск