Белорусская информационная компания
Адрес страницы: https://belapan.by/archive/2017/03/03/891589_12345/
Дата распечатки: 11.12.2018 12:55
03.03.2017 19:45 Грамадства

У Курапатах прайшоў мітынг

Мінск, 3 сакавіка. У лагеры абаронцаў Курапат вечарам 3 сакавіка адбыўся мітынг. Яго ўдзельнікі прынялі зварот да ўладаў з патрабаваннем забараніць любое будаўніцтва блізу Курапат і аднавіць ахоўныя зоны ўрочышча, зацверджаныя ў 2003 годзе. БелаПАН вёў анлайн-рэпартаж з мітынгу.
17.55. На месцы каля 40 чалавек, сярод якіх лідар лагера абаронцаў Курапат Дашкевіч, а таксама вядомыя палітыкі Павел Севярынец, Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Аляксей Янукевіч, Вячаслаў Сіўчык. Людзі працягваюць падыходзіць. У лагеры абаронцаў Курапат устаноўленая імправізаваная сцэна пад тэнтам, стаіць гукаўзмацняльная апаратура, сем бел-чырвона-белых сцягоў.

18.05. Прыйшлі старшыня руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, сустаршыні кампаніі "Гавары праўду" Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў. Цяпер на месцы правядзення мітынгу каля 100 чалавек. Сярод іх — не толькі палітыкі і грамадскія актывісты, але і мясцовыя жыхары.

18.15. Мітынг адкрыў Зміцер Дашкевіч. Ён вітаў прысутных і перадаў слова пастару Антонію Бокуну. Пастар памаліўся за тое, каб каля Курапат больш ніколі не будавалі ніякіх бізнес-цэнтраў, каб гэта месца стала "месцам смутку, памяці пра ахвяры сталінскіх рэпрэсій".

Слова ўзяў актывіст апазіцыі Вячаслаў Сіўчык, які павіншаваў прысутных з 950-годдзем Мінска. "На жаль, на нашу зямлю вельмі часта прыходзілі акупанты, і нацыянальны мемарыял Курапаты з`яўляецца адным са сведчанняў гэтага", — дадаў палітык. Сіўчык выступіў супраць ідэі стварэння ў Курапатах новага мемарыяла, якая цяпер абмяркоўваецца ў дзяржаўных СМІ. Паводле яго слоў, цяперашняя ўлада з`яўляецца пераемніцай той, якая праводзіла палітычныя рэпрэсіі. Сіўчык нагадаў, што ў сакавіку 1917 года ў Мінску быў упершыню падняты бел-чырвона-белы сцяг, і заклікаў падтрымаць святкаванне юбілею сталіцы.

Кіраўнік аб`яднання "Хрысціянская злучанасць "Курапаты", член Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Алесь Чахольскі ў сваю чаргу зазначыў, што людзі, якія змагаліся за Курапаты і на гэтым мітынгу, паказалі, што "беларусы як нацыя былі, ёсць і будуць". Ён расказаў гісторыю адкрыцця Курапат, адзначыўшы ролю ў гэтым Зянона Пазняка, а таксама пра тое, як Беларусь здабыла незалежнасць пасля распаду СССР. "Засталося крыху часу да таго, як мы створым па-сапраўднаму незалежную беларускую нацыянальную дзяржаву з хрысціянскімі традыцыямі", — заявіў Чахольскі.

Ён негатыўна адазваўся аб жаданні ўладаў паўдзельнічаць у стварэнні мемарыяла ў Курапатах. Паводле яго слоў, гэты мемарыял ужо створаны людзьмі ў папярэдняе дзесяцігоддзе. На гэтым месцы павінен быць музей, Сцяна памяці з імёнамі ахвяраў рэпрэсій і пляцоўка для набажэнстваў з класічным хрысціянскім крыжам. "Нельга, каб нашчадкі НКУС у гэтым месцы ўлезлі са сваім бетонам. Мы павінны дамагчыся не толькі таго, каб знікла будпляцоўка бізнес-цэнтра, але і быць пільнымі, каб не дапусціць новую пагрозу Курапатам, і разам іх абараняць", — падкрэсліў Чахольскі.

У мітынгу ўдзельнічаюць прыкладна 250 чалавек.

На мітынгу выступіў Юрась Губарэвіч, які, паводле слоў Дашкевіча, штодня забяспечваў пратэстуючых дровамі. Губарэвіч нагадаў, што Курапаты не адзінае месца масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Мінску, але "тут іх дзясяткі, гэта праблема нацыянальнага маштабу". Лідар руху "За Свабоду" падкрэсліў, што ў школьных праграмах тэма рэпрэсій 30-х гадоў практычна ігнаруецца. "Але нам патрэбная кансалідацыя, не трэба дзяліць грамадзян на сваіх і чужых. Магчыма, мы станем сведкамі важных падзей гэтай вясной. Людзі прачнуліся — пустыя халадзільнікі прымушаюць іх павышаць голас. Але рухавіком павінен быць не пусты страўнік, а тое, што ў сэрцы", — заявіў Губарэвіч.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец нагадаў прысутным пра васьмімесячную абарону Курапат у 2001 годзе падчас будаўніцтва МКАД. "Ізноў сёння, у 2017 годзе, мы прыходзім сюды, калі на вуліцы беларускіх гарадоў выходзяць тысячы абураных і годных беларусаў і калі беларусы прачынаюцца", — сказаў ён. Севярынец назваў Курапаты крыніцай і эпіцэнтрам нацыянальнай ідэі. На яго думку, цяперашнія ўлады з`яўляюцца паслядоўнікамі "не тых, у каго стралялі, а тых, хто страляў".

Паводле слоў Севярынца, цяперашняя сітуацыя ў Курапатах — гэта толькі палова перамогі, бо Мінгарвыканкам працягвае заяўляць, што будоўля вядзецца законна, і горад можа дазволіць пабудаваць на гэтым месцы нешта яшчэ. Удзельнікі мітынгу падтрымалі Севярынца ў тым, што будаўніцтва на гэтым месцы весціся не павінна, а таксама ў тым, што ў Курапатах павінен быць створаны народны мемарыял. Севярынец таксама адзначыў, што ў справе абароны Курапат удзельнічалі людзі, якія належаць да розных партый, палітычных рухаў, а таксама беспартыйныя. Гэта сведчыць аб тым, што Курапаты аб`ядноўваюць, заявіў палітык.

Жыхарка аднаго з бліжэйшых дамоў Вольга, якая першапачаткова падтрымлівала ўдзельнікаў лагера, выступіла ад імя ўсіх жыхароў мікрараёна. Вольга горача падзякавала арганізацыі "Малады фронт" і заявіла, што ў яе "ў корані памянялася стаўленне" да яе. "Гэта хлопцы, якія не крычалі, не бегалі, ня мітусіліся, а рабілі тое, што трэба. Яны спынілі будоўлю тымі спосабамі, якія палічылі неабходнымі. Гэта сапраўдныя мужчыны, якія прыйшлі ў патрэбны час і зрабілі справядлівую справу", — заявіла яна.

Актывіст "Маладога фронту" Сяргей Пальчэўскі, які стаў шырока вядомы пасля таго, як прыкаваў сябе наручнікамі да грузавіка, каб спыніць будаўніцтва, падзякаваў усім, хто далучыўся да абароны Курапат і дапамагаў актывістам ежай і гарачымі напоямі. "Без вас нічога б не выйшла", — сказаў ён. Паводле слоў Пальчэўскага, "беларускае грамадства можа выступіць не толькі ў абарону матэрыяльных каштоўнасцяў, але і духоўных, гістарычнай памяці". "Калі так і далей будзе працягвацца, Беларусь будзе жыць. Мы з вамі перамаглі. Вядома, гэта маленькая перамога, але мы паказалі, што можам перамагаць", — лічыць ён.

Сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі заявіў, што ўлады "паспрабавалі сутыкнуць беларусаў з беларусамі, актывістаў — з будаўнікамі, Мінкультам". "Я хачу, каб мяне пачулі ў Мінгарвыканкаме: мы ведаем, хто адказны за незаконны продаж гэтай зямлі, хто робіць гэты брудны бізнес. Я заклікаю Шорца кінуць свае гульні і зразумець, што мы ведаем, хто вінаваты і што нам рабіць", — сказаў палітык.

Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў: нягледзячы на прыпыненне будоўлі самім забудоўшчыкам, Мінгарвыканкам не прызнае сваёй памылкі, Мінкультуры не хоча вяртаць спрэчную тэрыторыю ў ахоўную зону Курапат. Таму палітык лічыць важным дамагчыся распрацоўкі новых нормаў ахоўнай зоны Курапат, "каб ні ў каго і думкі не ўзнікла тут нешта будаваць". Палітык таксама заявіў, што вопыт, набыты пры абароне Курапат, дапаможа ў будучыні "абараніць беларускую мову, культуру і саму Беларусь".

Журналіст і член ініцыятывы "Эксперты ў абарону Курапат" Марат Гаравы зазначыў, што Курапаты становяцца значным месцам для ўсё большай колькасці людзей. Разам з тым, паводле яго слоў, наперадзе вельмі складаныя часы па абароне гэтага гістарычнага месца. Непакой людзей, у прыватнасці, выклікае сітуацыя з ахоўнымі зонамі на ўсходняй і паўночнай межах ўрочышча, якія ўлады ў перспектыве могуць аддаць пад забудову. "Нашы патрабаванні — вярнуць ахоўныя зоны шырынёй 300 метраў і тэрмінова ўнесці "дарогу смерці" ў мяжу гісторыка-культурнай каштоўнасці", — сказаў Гаравы.

Блогер Эдуард Пальчыс, выступаючы на мітынгу, заявіў, што спачатку не верыў, што такая колькасць людзей можа далучыцца да абаронцаў Курапат. "Курапаты — гэта 29 гадоў пастаяннай барацьбы. Я спадзяюся, што больш не трэба будзе змагацца, ва ўлады хопіць мазгоў зразумець, што тут ім больш нічога не трэба будаваць. Калі не — нашы дзеці і ўнукі гэта працягнуць", — сказаў Пальчыс. Ён падзякаваў акцыянеру ТАА "Белрэканструкцыя" Ігару Анішчанку за тое, што той "паступіў цывілізавана, як сапраўдны добры бізнесмен". У адрозненне ад іншых выступоўцаў, Пальчыс падтрымаў ідэю стварэння ў Курапатах новага мемарыяла са зборам ахвяраванняў.

Паэт і палітык Уладзімір Някляеў заявіў, што яму радасна бачыць усмешлівых людзей, якія, "нарэшце, на сваёй зямлі перамаглі" і адваявалі кавалачак зямлі "для далейшага наступу на рэжым". "Рэжым аслабеў. Толькі з-за слабасці ён не наляцеў сюды са спецназам і не адбіў хлопцам галовы", — лічыць Някляеў. На думку паэта, Курапаты павінны стаць такім жа помнікам нацыянальнай трагедыі, як і Хатынь.

Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі перадаў мітынгоўцам прывітанне і словы падтрымкі ад лідара партыі Зянона Пазняка. Беленькі нагадаў, што заўтра будзе шырока адзначацца 100-годдзе беларускай міліцыі і выказаў меркаванне, што міністр Ігар Шуневіч зноў апране форму НКУС. На думку палітыка, гэтая дата сімвалізуе наступны бальшавіцкі "чырвоны тэрор", памяць пра які ў Беларусі некалькі засланілася рэпрэсіямі 1930-х гадоў.

За ходам мітынгу назіралі некалькі дзясяткаў сілавікоў у цывільным, некаторыя вялі відэаздымку. Праколы ў дачыненні да ўдзельнікаў акцыі не складаліся.

19.30. Завяршаючы мітынг, Зміцер Дашкевіч паведаміў: палатачны лагер будзе згорнуты ў панядзелак, калі абаронцы Курапат убачаць, што дэмантаж будпляцоўкі працягваецца. Калі гэтага не адбудзецца, актывісты па-ранейшаму будуць дзяжурыць у лагеры, заявіў ён.

Удзельнікі мітынгу — прыблізна 300 чалавек — аднагалосна прынялі зварот да Генеральнай пракуратуры, Мінкультуры і Мінгарвыканкама. У ім адзначаецца, што "народны мемарыял Курапаты з`яўляецца нацыянальнай святыняй, якую стварыў беларускі народ згодна з нацыянальнымі культурнымі традыцыямі, хрысціянскімі духоўнымі каштоўнасцямі без усялякай дзяржаўнай падтрымкі".

Мітынгоўцы запатрабавалі "адмяніць вынікі незаконнага аўкцыёну па выдзяленні ўчастка ў ахоўнай зоне Курапатаў пад будаўніцтва бізнес-цэнтра, праведзенага ў чэрвені 2013 года", забараніць будаўніцтва бізнес-цэнтра і іншых аб`ектаў на гэтым месцы, аднавіць ахоўныя зоны Курапатаў згодна з праектам, зацверджаным Рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкультуры ад 20 мая 2003 года.

Удзельнікі мітынгу таксама запатрабавалі добраўпарадкаваць тэрыторыю ля дамоў № 49 і 53 па вуліцы Мірашнічэнкі, дзе зараз размешчаная будпляцоўка, высадзіць дрэвы замест спілаваных, аднавіць дзіцячую пляцоўку, адрамантаваць дарогу ад дыспетчарскай станцыі "Зялёны Луг — 6" да дома № 49, а таксама зрабіць тратуары ўздоўж дарогі.

У звароце ўтрымліваецца патрабаванне "спыніць практыку выдзялення зямлі пад будаўніцтва там, дзе гэта пагражае захаванню гісторыка-культурнай спадчыны і выклікае грамадскі пратэст".

Акцыю ў Курапатах працягнуў канцэрт з удзелам гурту Naka.

Пра тое, што працы па будаўніцтве аб`екта будуць спыненыя, стала вядома 2 сакавіка пасля сустрэчы Дашкевіча з акцыянерам ТАА "Белрэканструкцыя" Ігарам Анішчанкам і дырэктарам кампаніі Сяргеем Несцеравым.

Работы па будаўніцтве пяціпавярховага бізнес-цэнтра на скрыжаванні вуліцы Мірашнічэнкі і Мінскай кальцавой аўтадарогі каля Курапат пачаліся 16 лютага. Аб`ект планавалася здаць да канца лютага 2018 года. Прадстаўнікі грамадскасці і мясцовыя жыхары выступілі супраць будаўніцтва, лічачы яго незаконным. Паводле іх інфармацыі, участак пад бізнес-цэнтр быў прададзены на аўкцыёне тады, калі гэтая зямля яшчэ ўваходзіла ў ахоўную зону гісторыка-культурнай каштоўнасці "Месца масавага пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты". Акрамя таго, узвядзенне аб`екта пачалося да таго, як быў канчаткова зацверджаны праект дэталёвага планавання гэтай тэрыторыі, адзначалі праціўнікі будоўлі.

20 лютага некалькі актывістаў "Маладога фронту" ўсталявалі на тэрыторыі будоўлі палатку і арганізавалі кругласутачнае дзяжурства. 27 лютага, пасля тыдня супрацьстаяння рабочых і абаронцаў Курапат, будоўля была прыпыненая.

1 сакавіка канфліктная сітуацыя абмяркоўвалася на сустрэчы прадстаўнікоў грамадскасці са старшынёй Мінгарвыканкама Андрэем Шорцам. Выслухаўшы іх довады, Щорац паабяцаў прыпыніць будоўлю да канца тыдня, каб прыняць канчатковае рашэнне. Пры гэтым сталічныя ўлады папрасілі згарнуць палаткі каля аб`екта. Актывісты лагера заявілі, што сыдуць толькі пасля таго, як атрымаюць пісьмовае сведчанне аб адмене будаўнічых работ, і дэмантажу плота.

Раніцай 2 сакавіка, яшчэ да сустрэчы Дашкевіча з кіраўніцтвам "Белрэканструкцыі", рабочыя пачалі вывозіць з будпляцоўкі тэхніку і бытоўкі.
Аляксей Аляксандраў, Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Авторизация

Логин:
Пароль:

Архив

  • день
  • месяц
  • год

Сюжеты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Все права защищены.
Вся информация, размещенная на данном сайте, предназначена только для персонального использования и не подлежит дальнейшему воспроизведению и/или распространению в какой-либо форме, иначе как с письменного разрешения БелаПАН. Минск