Католікі, грэка-католікі і пратэстанты рыхтуюцца да Вялікадня

Католікі, грэка-католікі і пратэстанты 11 красавіка адзначаюць Вялікую суботу і рыхтуюцца сустрэць найстаражытнейшае і найважнейшае хрысціянскае свята — Уваскрэсенне Хрыстова, або Вялікдзень.

Тыднем раней старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў заставацца дома і ўдзельнічаць у набажэнствах дыстанцыйна, каб засцерагчыся ад каранавіруснай інфекцыі. Меркавалася, што ў першай палове дня 11 красавіка арцыбіскуп Кандрусевіч і дапаможны біскуп Юрый Касабуцкі наведаюць шэраг сталічных парафій, каб памаліцца з вернікамі і дабраславіць ежу на велікодны стол, аднак ад гэтага было вырашана адмовіцца ў сувязі з пандэміяй COVID-19. 8 красавіка Кандрусевіч зацвердзіў дэкрэт аб парадку дабраслаўлення велікоднай ежы, якое вернікі могуць здзейсніць дома. Дабраславіць ежу можа «бацька сямейства або найстарэйшы член сям’і». «Пасля таго як на традыцыйную святочную трапезу збярэцца ўся сям’я, на стале запальваецца свечка і гучыць традыцыйнае велікоднае прывітанне «Хрыстос уваскрос! Алілуя!». Потым нехта з прысутных чытае ўрывак з Евангелля ад Матфея, у якім апавядаецца пра тое, як раніцай жанчыны прыйшлі да магілы і першымі даведаліся ад анёла, што Хрыстос уваскрос», — тлумачыцца парадак дамашняга блаславення. У 21.45 арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліць пасхальную вігілію у галоўнай каталіцкай святыні Мінска — архікафедральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Набажэнства будуць трансляваць у прамым эфіры тэлеканалы «Беларусь 1» і «Беларусь 24». Велікодная служба ў касцёле Маці Божай Будслаўскай у Каменнай Горцы пачнецца ў 19.00. У касцёле Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл), а таксама капліцах парафій Святога Яна Хрысціцеля ў Серабранцы, Святога Антонія Падуанскага ў Малінаўцы, Божага Цела ў мікрараёне Ангарская, Святога Францішка Асізскага ва Уруччы велікодныя вігіліі пачнуцца ў 20.00. У 21.00 святочныя набажэнствы пачнуцца ў касцёлах Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы, Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках і капліцах парафій Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы, Святых Апосталаў Пятра і Паўла і Святога Яўгена дэ Мазено ў Зялёным Лузе, Святых Яна Евангеліста і Максіміліяна Кольбэ ў Кунцаўшчыне. У капліцы парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сухараве святая імша пачнецца ў 22.00, а ў капліцы парафіі Маці Божай Латэранскай у мікрараёне Сокал — у 23.00. Грэка-каталіцкая велікодная ютрань і Боская літургія Уваскрэсення Гасподняга пачнуцца ў 18.30 у ніжнім храме Чырвонага касцёла, а ў 21.30 — у Цэнтры Святога Язэпа на вуліцы Арджанікідзэ. Каталіцызм — другая па велічыні хрысціянская канфесія ў краіне па колькасці вернікаў. Згодна са звесткамі касцёла ў Беларусі, прыблізна 1,4 млн чалавек, або прыкладна 15% грамадзян, лічаць сябе каталікамі.