17 мая ў Мінску пасля працяглай хваробы памёр Юрый Зісер, заснавальнік партала tut.by і хостынг-правайдара hoster.by, прадпрымальнік, грамадскі дзеяч, мецэнат.
Як паведамляе tut.by, у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй развітанне пройдзе ў вузкім коле. Сям’я Юрыя Зісера просіць ушанаваць яго памяць дома, а замест кветак зрабіць ахвяраванне на барацьбу з COVID-19. Пасля заканчэння эпідэміі будзе арганізаваны памінальны вечар, пра месца і час правядзення якога сваякі паведамяць дадаткова. Юрый Зісер нарадзіўся 28 чэрвеня 1960 года ў Львове, яго бацька быў інжынерам, мама — музыкантам. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Паўночна-Заходнім політэхнічным інстытуце ў Санкт-Пецярбургу па спецыяльнасці «Электронныя вылічальныя машыны». У юнацтве паспеў папрацаваць паштальёнам. Працаваў тэхнікам і праграмістам у Львове. У 1980-х пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай культуролагам Юліяй Чарняўскай і ўслед за ёй з’ехаў у Мінск. Некалькі гадоў працаваў сістэмным праграмістам у НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ў Бараўлянах, займаўся навукай. У пачатку 1990-х правёў два гады ў Лангепасе Цюменскай вобласці, дзе працаваў праграмістам у кааператыве «Факел». У 1992 годзе заснаваў кампанію «Надзейныя праграмы», якая займалася распрацоўкай банкаўскага праграмнага забеспячэння. Сістэма абслугоўвання насельніцтва «Праграма 35» выкарыстоўвалася больш як у ста банках Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы. У 2000 годзе стварыў партал tut.by, які за некалькі гадоў стаў адным з папулярных беларускіх анлайн-рэсурсаў. Стаяў ля вытокаў шэрагу беларускіх і міжнародных інтэрнэт-праектаў. Быў актыўным удзельнікам стартап-руху, ментарам. Актыўна займаўся дабрачыннасцю і мецэнацтвам, але пра гэтую сваю дзейнасць практычна не расказваў. Нягледзячы на хваробу, стаў адным з арганізатараў і спонсараў Міжнароднага фестывалю клезмерскай музыкі, які прайшоў у Мінску ў лістападзе 2019 года. У 2013 годзе паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі на клас аргана, які паспяхова скончыў у 2015 годзе. Адно з апошніх пачынанняў Юрыя Зісера, як паведамляюць яго калегі, — аднаўленне арганаў Беларусі. Пры яго фінансавай падтрымцы былі адноўленыя арганы ў Мінску, Нясвіжы, Пінску. «Новости Беларуси» выказвае спачуванні сваякам, блізкім і калегам Юрыя Зісера.