Мінск, 11 чэрвеня. Юрый Караеў прызначаны міністрам унутраных спраў Беларусі. Адпаведнае рашэнне прыняў 11 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.
Да гэтага Караеў працаваў на пасадзе намесніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі.
Папярэдні кіраўнік МУС Ігар Шуневіч займаў гэтую пасаду з 11 мая 2012 года. 10 чэрвеня ён падаў Лукашэнку рапарт аб адстаўцы.
«Сёння я звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з рапартам аб адстаўцы, і ён гэтую адстаўку прыняў. Спадзяюся, я змагу яшчэ прынесці карысць нашай дзяржаве на іншай пасадзе або на іншай працы», — паведаміў Шуневіч журналістам пасля сустрэчы з Лукашэнкам.
Шуневіч таксама зазначыў: «Па-першае, пройдзены вельмі доўгі і складаны шлях працы ў міністэрстве. Шмат што зроблена. І ў нейкі момант я пачаў разумець, што трэба забяспечыць пэўную дынаміку, пераемнасць, хуткасць і эфектыўнасць рашэнняў. Патрэбны свежы погляд на працу міністэрства. Па-другое, думаючы пра сваю эфектыўнасць, лічу, што прыйшоў час змяніць род дзейнасці. Усё-такі дастаткова доўга я знаходжуся на пасадзе міністра. Можа, вока «замылілася», можа быць, мне сапраўды трэба паспрабаваць нешта іншае. Кіраўнік дзяржавы з гэтай матывацыяй пагадзіўся».
Даведка БелаПАН. Юрый Караеў нарадзіўся 21 чэрвеня 1966 года ў горадзе Уладзікаўказ (Паўночная Асеція). У 1987 году скончыў Саратаўскае вышэйшае ваеннае каманднае Чырванасцяжнае вучылішча ўнутраных войскаў МУС РФ імя Дзяржынскага. Паводле размеркавання трапіў на службу ў Магілёў, праз паўгода быў пераведзены ў мінскі полк аператыўнага прызначэння МУС СССР. Год таму ў інтэрв`ю часопісу «Армия» Караеў расказаў, што ў той перыяд правёў 22 месяцы ў камандзіроўках на Каўказ: у Ерэван, Баку, Степанакерт, Нагорны Карабах, Агдам.
У 1996 годзе скончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзэ ў Маскве, быў слухачом факультэта Генштаба Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Уладальнік крапавага берэта. Караеў быў камандзірам міліцэйскай брыгады ў Гомелі і міліцэйскага батальёна ў Бабруйску. Быў камандзірам батальёна ў вайсковай часці 3214 у той час, калі часцю камандаваў Дзмітрый Паўлічэнка (унесены ў санкцыйны спіс ЕС паводле падазрэння ў дачыненні да гучных знікненняў апазіцыянераў у 1990-х гадах. — БелаПАН.).
У 2008 годзе Караеў стаў камандзірам мінскага АМАПа, затым змяніў Паўлічэнку на пасадзе камандзіра 3-й асобнай Чырванасцяжнай брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС. У 2009 годзе прызначаны першым намеснікам начальніка аператыўнай і баявой падрыхтоўкі ўнутраных войскаў МУС, у 2012 годзе — намеснікам міністра ўнутраных спраў — камандуючым унутранымі войскамі.