Белорусская информационная компания
Адрес страницы: https://belapan.by/archive/2010/11/09/424915_424921/
Дата распечатки: 11.12.2018 12:18
09.11.2010 10:08 Палітыка

Кіраўнік штаба Уладзіміра Някляева па Ленінскім раёне Мінска Уладзімір Кумец адлічаны з Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута

Мінск, 9 лістапада. Кіраўнік выбарчага штаба Уладзіміра Някляева па Ленінскім раёне Мінска Уладзімір Кумец адлічаны з Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута (МГЭІ).

Як паведаміў БелаПАН Кумец, ён з`яўляўся студэнтам завочнага аддзялення 5-га курсу МГЭІ, факультэта міжнародных адносінаў. "Апошняя сесія праходзіла з 13 верасня па 6 кастрычніка, якую я паспяхова здаў, пра што сведчыць заліковая кніжка за подпісам дэкана Дзмітрыя Комара і даведка-пацвярджэнне з інфармацыяй пра тое, што я браў удзел у сесіі і выканаў вучэбны план", — сказаў актывіст выбарчага штаба.

Аднак, як паведаміў Кумец, 7 лістапада яму патэлефанаваў выкладчык кафедры замежных моў Максім Прохараў. Ён паведаміў, што выкладчык Кумца Віктар Асіповіч 6 лістапада быў выкліканы ў інстытут і кіраўніцтвам інстытута быў пастаўлены перад фактам: або звальненне або ён перапісвае ведамасць, у якой ставіць яму нездавальняючую адзнаку 3 замест 9 за экзамен па замежнай мове. Пад гэтай пагрозай Асіповіч быў вымушаны перапісаць ведамасць.

8 лістапада Кумец з`явіўся ў інстытут, каб разабрацца з сітуацыяй. "У дэканаце паказаць ведамасці спачатку адмовіліся, а потым прад`явілі. У іх акрамя англійскай мовы была падкладзена ведамасць з "незалікам" па дзелавой перапісцы на замежнай мове. Праз 10 хвілін мне паведамілі, што я ўжо адлічаны з інстытута. Усе метадысты і дэкан сказалі, што нічога не ведалі пра гэта і толькі цяпер даведаліся. У аддзеле кадраў я запатрабаваў загад аб маім адлічэнні, але атрымаў адмову. Толькі праз дзве гадзіны загад мне выдалі, было бачна, што ён напісаны толькі што. На ім стаяла дата 3 лістапада, нягледзячы на тое, што начальнік вучэбна-метадычнай часткі сказала, што загад быў ад 1 лістапада", — паведаміў Кумец.

"Матывацыя выключэння відавочная, і іншых тлумачэнняў быць не можа — маё выключэнне звязана з маёй актыўнай дзейнасцю ў прэзідэнцкай кампаніі ў штабе Някляева ў якасці кіраўніка штаба па Ленінскім раёне Мінска. Апошняй кропляй стала арганізацыя мной сходу па вылучэнні Някляева на Усебеларускі народны сход", — заявіў Кумец.

"Усё рабілася так, каб я наогул не ведаў пра сваё адлічэнне. Толькі дзякуючы званку знаёмага выкладчыка я пра гэта даведаўся. І тое, што я пра гэта даведаўся, для кіраўніцтва інстытута было поўнай нечаканасцю", — заявіў Кумец.

Паводле яго слоў, ён мае намер абскардзіць сваё адлічэнне. "Цяпер працуюць юрысты штаба, і, напэўна, адлічэнне мы абскардзім у судзе. Акрамя гэтага, я не выключаю, што мы пададзім скаргу ў пракуратуру па факце падлогу дакументаў", — заявіў Кумец.
Сяргей Пульша, БелаПАН.

Авторизация

Логин:
Пароль:

Архив

  • день
  • месяц
  • год

Сюжеты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Все права защищены.
Вся информация, размещенная на данном сайте, предназначена только для персонального использования и не подлежит дальнейшему воспроизведению и/или распространению в какой-либо форме, иначе как с письменного разрешения БелаПАН. Минск