Белорусская информационная компания
Адрес страницы: https://belapan.by/archive/2011/09/20/497652_497677/
Дата распечатки: 25.06.2018 19:08
20.09.2011 14:49 Палітыка

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці сфарміравалі групу для дыялогу з рознымі палітычнымі суб'ектамі

Мінск, 20 верасня. Аргкамітэт Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства сфарміраваў групу, надзеленую паўнамоцтвамі весці дыялог з рознымі суб'ектамі палітычнага працэсу.

У склад групы вылучаны кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, сустаршыня кіруючага камітэта Форуму грамадзянскай супольнасці Улад Вялічка, член савета міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь" Уладзімір Мацкевіч і старшыня Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі Сяргей Мацкевіч.

Як паведамляе аргкамітэт, група сфарміравана для аператыўнага прыняцця рашэнняў па бягучых пытаннях, якія тычацца ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў палітычным жыцці краіны. Пры гэтым падкрэсліваецца, што пачатак перамоў з уладай для дасягнення нацыянальнай згоды магчымы ніяк не раней вызвалення ўсіх палітзняволеных у краіне.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці маюць намер "супрацьстаяць імітацыі перамоўнага працэсу, якая можа ўзнікнуць у Беларусі". "Ідэя дыялогу прагучала ад прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці нашмат раней, чым пра яе заявіў Лукашэнка. Аднак канструктыўных крокаў з боку ўлады насустрач грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі не адбываецца. А таму рэальны дыялог, а не яго імітацыя, па-ранейшаму застаецца працэсам патрэбным, запатрабаваным часам і беларускім грамадствам", — адзначыў Улад Вялічка.

Як паведамляў БелаПАН, прадстаўнікі трэцяга сектара прапанавалі апазіцыйным сілам "Стратэгію-2012: ад дыялогу ўнутры дэмакратычных сіл да дыялогу з рэжымам".

Прадстаўляючы стратэгію 15 сакавіка ў Мінску, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі палітолаг Андрэй Ягораў паведаміў, што рэалізацыя стратэгіі прадугледжвае аднаўленне ў грамадстве дыялогу і заваяванне апазіцыяй 15—20% месцаў у парламенце. Стратэгія прадугледжвае правядзенне выніковых перамоў з уладамі, што магчыма толькі пры кансалідацыі дэмакратычных сіл. У якасці "перамоўшчыкаў" з уладамі прапаноўвалася абраць "аўтарытэтных вядомых людзей, якім давяраюць у апазіцыі, але якія ў той жа час не будуць шукаць для сябе выгады на наступных выбарах, не будуць у іх удзельнічаць".
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Авторизация

Логин:
Пароль:

Архив

  • день
  • месяц
  • год

Сюжеты

Проекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Все права защищены.
Вся информация, размещенная на данном сайте, предназначена только для персонального использования и не подлежит дальнейшему воспроизведению и/или распространению в какой-либо форме, иначе как с письменного разрешения БелаПАН. Минск