Форум Venture Day Minsk 2020 у сувязі з сітуацыяй у свеце пераарыентаваў тэматыку і цяпер сфакусуецца на новых рэаліях жыцця стартапаў і бізнес-супольнасці, паведамілі «Новости Беларуси» у аргкамітэце.
Venture Day Minsk 2020 пройдзе 16 красавіка ў фармаце бясплатнай анлайн-канферэнцыі. Арганізатарамі выступаюць стартап-хаб Imaguru, група кампаній Belbiz пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID). Арганізатары змянілі тэму канферэнцыі і вырашылі засяродзіцца на тым, якія рэаліі могуць быць адразу пасля крызісу. Новая тэма гучыць: Startup world. The new normal. Як адзначаюць у аргкамітэце, выклік, перад якім стаіць сёння чалавецтва, уяўляе сабой нешта зусім новае. Ні адзін з крызісаў апошніх дзесяцігоддзяў не мяняў свет так імкліва. За лічаныя тыдні пагроза пандэміі перабудавала цэлыя галіны эканомікі, грамадскія інстытуты, бізнес-працэсы, вярнула межы паміж краінамі. Прадстаўнікі бізнес-супольнасці, стартапаў, інвестары сёння аб`яднаныя як ніколі раней. У многіх краінах праводзяцца анлайн-хакатоны і іншыя ініцыятывы, скіраваныя на барацьбу з вірусам і адаптацыю да новых рэалій. Акрамя абмену думкамі і вопытам, як ужо сёння перабудаваць бізнес, прадукт ці продаж, эксперты спрабуюць прадбачыць і змадэляваць будучую рэальнасць, новы свет. Адной з такіх спробаў паразважаць пра будучыню пасля сусветнага крызісу стане аднадзённая канферэнцыя Venture Day Minsk 2020. Прадугледжаныя выступленні 14 спікераў з Еўропы і ЗША, уключаючы лідараў вядучых беларускіх стартап-кампаній. Праграма канферэнцыі ўключае пяць блокаў, у іх межах гаворка пойдзе пра адаптацыю да раптоўных змен, новыя бізнес-мадэлі, веды і навыкі, якія будуць запатрабаваныя ў новай рэальнасці, змены ў сферы венчурных інвестыцый. Арганізатары заклікаюць беларускую стартап- і бізнес-супольнасць узяць актыўны ўдзел у канферэнцыі. Рэгістрацыя на бясплатны ўдзел па спасылцы.