Пытанні двухбаковага супрацоўніцтва абмеркаваныя падчас візіту намесніка міністра замежных спраў Андрэя Дапкюнаса ў Паўднёвую Карэю, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.
5 верасня ён узяў удзел у круглым стале, падчас якога карэйскім бізнесменам былі прэзентаваныя эканамічны патэнцыял і інвестыцыйны клімат Беларусі, а таксама шэраг перспектыўных праектаў. На сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Карэі Чо Хёнам бакі дамовіліся садзейнічаць актывізацыі палітычнага дыялогу, у тым ліку шляхам абмену візітамі высокага ўзроўню, выказалі неабходнасць развіцця супрацоўніцтва ў галіне эканомікі, навукі, высокіх тэхналогій. З віцэ-міністрам малога і сярэдняга бізнесу і стартапаў Карэі Чхве Су Гю Дапкюнас абмеркаваў шляхі актывізацыі інавацыйнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, садзейнічанне развіццю кантактаў паміж малым і сярэднім бізнесам дзвюх дзяржаў, у тым ліку ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі, а таксама магчымасці ўзаемадзеяння па пытаннях венчурнага фінансавання прыярытэтных навукова-тэхнічных распрацовак. На сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам і кіраўніком дэпартамента карпаратыўнай стратэгіі кампаніі «Ханхва Кемікал» Сім Чжэ Сонам былі разгледжаныя перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва кампаніі з Беларуссю. Суразмоўцы абмеркавалі магчымасці ініцыявання праектаў у галіне распрацоўкі хімічных і нафтахімічных прадуктаў у межах інвестыцыйных праектаў і сумеснай вытворчасці. Дапкюнас выказаў зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва беларускіх кампаній з іншымі падраздзяленнямі групы кампаній «Ханхва», якія працуюць у галіне робататэхнікі, электронных сістэм, аэракасмічнага абсталявання. Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, група кампаній «Ханхва» ўваходзіць у топ-10 найбуйнейшых бізнес-кангламератаў у Рэспубліцы Карэя і ў топ-500 найбуйнейшых сусветных кампаній Fortune Global 500. У групу «Ханхва» ўваходзяць кампаніі, якія спецыялізуюцца ў аэракасмічнай сферы, у галіне мехатронікі, будаўніцтва, хімічных матэрыялаў і энергетыкі, фінансаў і інвестыцый, паслуг і забаў. Агульная выручка групы кампаній «Ханхва» ў 2017 годзе склала больш за 55 млрд долараў. Падчас перамоў з дырэктарам карэйскай гандлёвай сеткі KTNET Кім Ёнг Хванам адзначаная зацікаўленасць у супрацоўніцтве ў галіне беспапяровага гандлю. Адбыліся таксама сустрэчы Дапкюнаса з віцэ-старшынёй Карэйскай федэрацыі прамысловасці Квон Тхэ Сінам, кіраўніком парламенцкай групы па супрацоўніцтве з Беларуссю Нацыянальнай асамблеі Карэі Лі Вон Укам і прэзідэнтам Карэйскага інстытута міжнароднай эканамічнай палітыкі Лі Чжэ Ёнам. На сустрэчы з віцэ-старшынёй Карэйскай федэрацыі прамысловасці Квон Тхэ Сінам былі акрэсленыя перспектывы двухбаковага ўзаемадзеяння па арганізацыі візітаў карэйскіх дзелавых колаў у Беларусь. Перамовы з кіраўніком парламенцкай групы па супрацоўніцтве з Беларуссю Лі Вон Укам былі прысвечаныя перспектывам правядзення двухбаковых мерапрыемстваў у рамках міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. Падчас гутаркі з кіраўніцтвам Карэйскага інстытута міжнароднай эканамічнай палітыкі, які з’яўляецца адным з вядучых аналітычных цэнтраў Рэспублікі Карэя ў галіне рэгіянальных эканамічных даследаванняў, бакі абмяняліся думкамі адносна перспектыў эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Карэі, правядзення сумесных эканамічных даследаванняў, у тым ліку ў кантэксце рознага роду еўразійскіх ініцыятыў. На сустрэчы з выканаўчым віцэ-прэзідэнтам выставачна-кангрэсавага комплексу COEX Кім Мён Сінам члены беларускай дэлегацыі заявілі пра зацікаўленасць у супрацоўніцтве ў сферы выставачна-кірмашовай дзейнасці, у тым ліку ва ўдзеле беларускіх арганізацый у выставах высокатэхналагічнай прадукцыі на тэрыторыі Карэі. На перамовах з выканаўчым віцэ-старшынёй Карэйскай асацыяцыі міжнароднага гандлю Хан Чжын Хёнам суразмоўцы адзначылі напрамкі актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў галіне электроннага ўрада і беспапяровага гандлю, дамовіліся спрыяць развіццю кантактаў паміж беларускімі і карэйскімі дзелавымі коламі.